Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй падчас святой Імшы для пілігрымаў у Будславе: “Марыйнасць” – гэта наша тоеснасць

5 ліпеня
  • 5 ліпеня, 2024
  • Тэкст: Кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by, фота: Youtube-канал “сatholicby”

6 ліпеня распачаўся галоўны фэст у Нацыянальным санктуарыі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе.

Першай значнай падзеяй фэсту стала святая Імша для пілігрымаў, якія прыбылі ў санктуарый пешшу і на роварах з усіх чатырох дыяцэзій Беларусі. Яе ўзначаліў нядаўна прызначаны Апостальскай Сталіцай біскуп каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй.

На пачатку святой Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прывітаў прысутных іерархаў, святароў, манаскіх асоб, семінарыстаў, моладзь, а таксама вернікаў, якія размясціліся на прыкасцёльным пляцы, словамі песні: “Весяліся і пляскай у далоні, свята сэрца свайго адзначай”. Іерарх аднёсся у іх да падзеі, якая адбудзецца на наступны дзень і да якой вернікі рыхтаваліся цэлы год – прысвячэння Сэрцу Езуса Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якое адбываецца ў 125-ю гадавіну папярэдняй падзеі, калі нашыя продкі на заклік папы Льва XIII здзейснілі акт інтранізацыі Найсвяцейшага Сэрцы Езуса. Сёлета, калі наша краіна адзначае 80-годдзе свайго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, іерарх заклікаў усіх прысутных падзякаваць гэтаму Сэрцу за абарону і апеку, а таксама “за мірнае неба над галавой”. У Будславе, паводле слоў Мітрапаліта, як калісьці ў Кане Галілейскай, мы адчуваем радасць, бо побач з Сынам знаходзіцца Яго Маці, якая ведае, што рабіць, каб не страціць радасць, таму кажа: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце”. “Малюся за цябе, Беларусь, за тваіх дачок і сыноў, каб была паміж намі любоў (і згода)”, – працягваў іерарх словамі іншай рэлігійнай песні. Звяртаючыся да галоўнага цэлебранта, арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што “наймалодшы біскуп” у Беларусі будзе цэлебраваць сваю “прыміцыйную” Імшу.

Біскуп каад’ютар Уладзімір, вітаючы прысутных, звярнуўся да іх: “Сябры!” Іерарх прызнаўся, што адчувае сябе “як новапрэзбітэр, які робіць першыя крокі”. Біскуп заахвоціў удзельнікаў святой Імшы да праслаўлення Бога і падзякі Езусу Хрысту за Яго прысутнасць у Эўхарыстыі, а таксама да таго, каб прымаць у сваё сэрца Яго Цела.  Бо, паводле іерарха, Цела Хрыста – “гэта Жыццё нашага жыцця і Сэрца нашага сэрца. (…) Гэта Цела, якое разрывае час і прастору, вуаль, (…) вэлюм Гостыі, а Гостыя – гэта неба на зямлі”.

Падчас казання біскуп Уладзімір Гуляй прыпомніў праўду, што трыванне хрысціяніна ў стане Божага сыноўства – гэта справа Бога ў супрацоўніцтве з вучнем Хрыста. Марыя, якая захоўвала словы Сына ў сваім сэрцы, – гэта найлепшая дапамога для нас у гэтай справе.

“У цябе, дарагі брат і сястра, ёсць Марыя. Трымайся Яе сэрца! Трымайся кожны дзень!” – заахвоціў прысутных іерарх.

І адразу задаў пытанне: ці вернік павінен быць абавязкова “марыйным”, калі сёння ёсць столькі напрамкаў каталіцкай духоўнасці? Святы айцец Піо, св. Шарбэль, св. Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса, айцец Далінда Руотала, ігнацыянская, францішканская духоўнасць… У кожнага ёсць свае любімыя святыя.

Аднак “марыйнасць” – гэта не адна са шматлікіх формаў пабожнасці. “Марыйнасць” – гэта наша тоеснасць. Мы ўсе “марыйныя”, бо паводле жадання Езуса мы – Яе дзеці.

Наш Збаўца сам моцна звязаў сябе з Марыяй, падпарадкоўваючы Ёй сваё зямное жыццё. “Яна была на пачатку і ў канцы Яго жыцця, а таксама на працягу ўсяго зямнога жыцця (Езуса) – ад Бэтлеема да Галготы”. Як заўважыў біскуп Уладзімір, Езус “прабываў з Марыяй у дзесяць разоў даўжэй, чым з апосталамі”.

“Марыя – самы пэўны, самы кароткі і самы дасканалы сродак, каб дайсці да Езуса Хрыста”, – прывёў іерарх словы св. Людвіка Марыі Грыньёна дэ Манфора, асаблівага шанавальніка Найсвяцейшай Маці. А што азначаюць словы “дайсці праз Марыю да Езуса”? Гэта значыць – пабудаваць з Марыяй правільныя адносіны, усталяваць з Ёю асабістую сувязь. З Марыяй кожны становіцца здольным любіць Езуса ўсё больш дасканала. А любіць Езуса – гэта любіць Касцёл, Яго Містычнае Цела і адначасова нашую маці. З Марыяй і Езусам мы здольныя любіць маці-Касцёл і пераадольваць спакусы, якія нам перашкаджаюць у гэтай любові.

Мы называем Марыю “найцудоўнейшай”, “праслаўлёнай”, “прыгажэйшай за ўсё”, “слодыччу” і “надзеяй”, “Суцяшальніцай”. “Гэта сапраўдная калыханка для сэрца, стомленага днём, для нас гэта палёгка”, – сцвердзіў іерарх.

Варта шчыра аддацца Марыі, прамаўляючы да Яе ўласнымі словамі. Прапаведнік зрабіў моцны націск на слова “шчыра”. Для Марыі важная нашая шчырасць, а не красамоўнасць.

Марыя рэальна прысутнічае ў жыцці кожнага свайго дзіцяці. “Яна, як ільвіца, змагаецца за тых, хто прысвячае сябе Ёй”. Таму напрыканцы казання біскуп каад’ютар заклікаў аддаць Марыі сябе, свае нават самыя дробязныя справы, размаўляць і проста быць побач з Ёю.З вуснаў іерарха прагучала заахвота наследаваць беларускі народ, які вякамі шануе Яе як Маці і Каралеву, аддаць ёй духоўную ўладу над сабой, як гэта рабілі нашыя продкі. І тады здзейсніцца духоўнае адраджэнне кожнага з нас.

“Абіраю Цябе сёння, Марыя, перад абліччам нябеснага двара за сваю Маці і Пані. Аддаюся Табе і прысвячаю Табе, як Твой нявольнік, цела і душу сваю, унутранае і знешняе багацце і нават вартасць маіх учынкаў – мінулых, сённяшніх і будучых. Табе пакідаю поўнае і безумоўнае права распараджацца мною і ўсім без выключэння, што мне належыць, паводле Твайго ўпадабання, дзеля большай хвалы  Бога ў часе і вечнасці. Увесь твой я і ўсё, што маё, Табе належыць. Прымаю цябе ўсім сабой. Дай мне Тваё Сэрца, Марыя!” – такімі словамі акту прысвячэння сябе Марыі завяршыў сваё разважанне біскуп Гуляй.

Напрыканцы святой Імшы была агучана колькасць пілігрымаў, якія прыбылі на ўрачыстасць пешшу і на роварах. Падлічана, што ўсяго ў Будслаў да Маці Божай прыбылі 1982 пілігрымы з усіх дыяцэзій Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. З парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі былі арганізаваны дзве велапілігрымкі (з Мінска і Мядзела), а таксама восем пешых пілігрымак (тры з якіх – з Мінска, а таксама з Барысава, Вілейкі, Маладзечна, Нарачы і Ракава).

Пілігрымаў чакае далейшая насычаная духоўная праграма фэсту. Цэнтральнымі падзеямі стануць начная працэсія з копіяй абраза Маці Божай і святая Імша апоўначы, а таксама галоўная ўрачыстая святая Імша з актам прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.