Skip to main content

Біскупскі вікарый Мінскага рэгіёна заклікае да наведвання стацыйных касцёлаў у часе Вялікага посту 2026 года (дапоўнена)

22 лютага – 23 сакавіка
  • 21 лютага, 2026
  • Касцёл св. Францішка ў Копішчы каля Мінска. Фота: be.wikipedia.org // Catholicminsk.by

Хвала Хрысту!

Паважаныя святары Мінскага рэгіёна, па благаслаўленні арцыбіскупа Юзафа Станеўскага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, падчас Вялікага посту ў 2026 годзе ў Мінску чарговы раз у паасобных 7 касцёлах сталіцы (інфармацыя ТУТ>>>) штодзённа будзе абывацца адмысловае набажэнста (праграма ТУТ>>>) з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, спевам традыцыйных «Песняў жальбы», тэматычным разважаннем і магчымасцю споведзі.

Паколькі з 10 студзеня 2026 года да 10 студзеня 2027 года ў Каталіцкім Касцёле праходзіць Год святога Францішка, які прымеркаваны да 800-й гадавіны смерці Асізскага Бедняка, у гэтым годзе падчас стацыйных набжэнстваў прапануецца засяродзіць увагу на жыцці і духоўнай спадчыне св. Францішка, а таксама атрымаць поўны адпуст, які ўдзяляе Апостальская пэнітэнцыярыя з нагоды Года святога Францішка. Дапамогуць у гэтым прадстаўнікі Ордэну Меншых Братоў Капуцынаў (в. Копішча), якія ў вызначаныя дні наведаюць стацыйныя касцёлы (інфармацыя ТУТ>>>, дзень пазначаны жоўтым колерам).

Вернікі, якія на працягу Вялікага посту наведаюць усе стацыйныя касцёлы (мінімум адзін раз), запрашаюцца Братамі Капуцынамі ў Свята Божай Міласэрнасці – 12 красавіка ў 12.00 у касцёл св. Францішка Асізскага (Мінскі р-н, в. Копішча, вул. Авіяцыйная, 4) дзе адбудзецца святочная Імша за ўсіх наведвальнікаў стацыйных касцёлаў, як удзельнікаў Года святога Францішка.

У Папяльцовую сераду, а таксама ва ўсе нядзелі Вялікага посту павядомце і запрасіце вернікаў усіх парафій Мінскага рэгіёна да супольнай малітвы ў стацыйных касцёлах. Жадаючым вернікам сваіх парафій дапамажыце атрымаць бланк пасведчання пілігрыма (для друку: PDF, фармат А5>>>). Душпастыры стацыйных касцёлаў няхай жа велікадушна прымаюць пілігрымаў ў сваіх касцёлах.

Кс. кан. д-р Ян Крэміс
Біскупскі вікарый

P. S. Інфармацыя пра ўмовы атрымання адпусту ТУТ>>> і ТУТ>>>