Як плённа перажыць Вялікі Пост? 5 дзейсных парадаў
- 13 лютага, 2024
- Кс. Павел Эйсмант
14 лютага ў Касцёле распачынаецца літургічны перыяд Вялікага Посту. Ён прызначаны дапамагчы нам падрыхтавацца да перажывання Пасхальнага Трыдуума і нядзелі Уваскрасення Хрыста. Што варта зрабіць у гэты час, каб перажыць яго з духоўнай карысцю?
1. Прыступіць да сакрамэнту пакаяння
Пачынаючы Вялікі пост, калі мы хочам яго добра перажыць, нам трэба навесці парадак у нашай душы. Нішто ў гэтым так не дапамагае, як споведзь. Добры рахунак сумлення, які дазваляе ўбачыць, што трэба выкінуць з нашага жыцця, а потым прыняцце міласэрнай Божай любові – гэта фундамент, на якім нам варта будаваць наш духоўны будынак.
2. Зрабіць пастанаўленне на Вялікі Пост
Тут маленькі духоўны “лайфхак”. Калі мы вырашылі чагосьці не рабіць або ад чагосьці адмовіцца, варта адразу зрабіць дадатковае пастанаўленне – “пакласці” добры ўчынак на месца, якое пакінула зло. Напрыклад, хтосьці вырашыў адмовіцца ад салодкага на 40 дзён? Гэта добра, але ён можа дадаць да гэтай ахвяры пастанаўленне есці садавіну кожны дзень. Мы пастанавілі не слухаць забаўляльную музыку? Выдатна, але ў такім разе нам варта падчас Вялікага Посту слухаць у запісе духоўныя канферэнцыі, разважанні або велікапосныя песні. Не пакідайма пустэчу ў сваім сэрцы. Перамагайма зло дабром.
3. Прысутнічаць на велікапосных набажэнствах
Калі ў Адвэнце адбываюцца Рараты, то ў Вялікім Посце – Крыжовы шлях і Песні жальбы. Калі мы хочам перажыць час навяртання і падрыхтаваць дарогу Пану, нам варта прыняць удзел у гэтых набажэнствах. Крыжовы шлях можа стаць часам, калі мы адкрыем, “якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі” (гл. 1 Ян 3, 1). А вялікапосныя рэкалекцыі перанясуць нас пад крыж Хрыста, дзе разам з намі будуць знаходзіцца апостал Ян, Маці Божая і жанчыны. У моманце, калі мы пачуем з вуснаў Езуса: “Ойча, прабач ім…” (Лк 23, 34) і “У рукі Твае, Пане, аддаю Я дух мой” (Лк 23, 46), тады канчаткова пераканаемся ў Божай любові да нас. Гэта – адпаведны момант яе прыняцця сэрцам.
4. Маліцца, пасціцца, даваць міласціну
“Тры кіты” Вялікага Посту – малітва, пост і міласціна. Малітва і міласціна, напэўна, не патрабуюць асаблівай увагі. Праблема ўзнікае з пастом. Чаму трэба пасціцца і як пасціцца? Сённяшняе ўстрыманне ад мяса, якое абавязвае толькі па пятніцах, – гэта ўжо не той пост, які быў некалі. Складваецца ўражанне, што ў эпоху ўсё больш шыкоўных безмясных страваў адмова ад мяса не з’яўляецца сапраўднай ахвярай.
Пост – гэта не галаданне для пахудзення ці захавання фігуры. Ён павінен выклікаць у нас пачуццё голаду або, шырэй кажучы, нейкі недахоп. Пастом можа быць, напрыклад, адмова ад інтэрнэту або адключэнне тэлефона ў пятніцу. Вядома, нам нельга забыцца пра Касцёльны наказ сціслага посту ў Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу, а таксама ўстрыманне ад мясных страваў у пятніцу. Сённяшні “лагодны” пост павінен скіраваць нашу ўвагу на больш важныя духоўныя рэчы. Размова ідзе пра тое, што нам важна адчуць у душы нейкую пустэчу, нашу экзістэнцыяльную абмежаванасць, грахоўнасць, бо толькі тады можна запрасіць туды Хрыста.
5. Не адчайвацца, калі не атрымліваецца
Калі нешта не атрымліваецца, калі хтосьці з нас парушыць сваё пастанаўленне, памятайма, што яго мэта не ў тым, каб пратрымацца “40 дзён без…(тут уставіць патрэбнае)”. Наша мэта – перажыць смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. Калі нам што-небудзь перашкаджае дасягнуць гэтай мэты, трэба ад гэтага адмовіцца і прыбраць з жыцця. Трэба час ад часу правяраць свае пастанаўленні на актуальнасць. Трэба маліцца і распазнаваць, што нам сапраўды патрэбна. Калі хтосьці з нас перажывае Вялікі Пост у напружанні, калі ён думае толькі пра тое, калі нарэшце зможа есці цукеркі і піць колу, то няхай зробіць гэта зараз жа, не чакаючы Вялікадня.
Вялікі пост – гэта шлях, які прывядзе нас да пустой магілы Хрыста. Ён павінен дапамагчы нам, – калі мы ўбачым адвалены камень і скручаныя палотны, якія ляжаць у пячоры, – здзівіцца і паверыць, што Пан сапраўды уваскрос. Ніхто не забраў Яго цела і не перанёс у іншую магілу. Хрыстус перамог смерць. Гэта добрая вестка, якую мы павінны пераказваць іншым.