Skip to main content

У мінскай архікатэдры адбудзецца экумэнічнае набажэнства.

20 студзеня 2024
  • 19 студзеня, 2024
  • кс. Юрый Санько

У межах распачаўшагася 18 студзеня Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбудзецца малітоўная сустрэча з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій.

Экумэнічнае набажэнства распачнецца ў 19:15 у суботу 20 студзеня 2024г., малітву ўзначаліць арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Традыцыйна Тыдзень малітвы аб адзінстве хрысціян праходзіць з 18 па 25 студзеня. Каталіцкі Касцёл ужо больш за пяцьдзесят гадоў удзельнічае ў гэтай сусветнай ініцыятыве. Кожны год Тыдзень малітваў праходзіць пад адмысловым дэвізам, сёлетняй тэмай сталі словы з Евангелля паводле Лукі: «Любі Пана Бога твайго <…> а бліжняга свайго, як самога сябе» (Лк 10, 27).

Паасобныя дні маюць так сама дадатковую тэму:

ПЕРШЫ ДЗЕНЬ – чацвер, 18 студзеня 2024 г.:

          Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне
рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» (Лк 10, 25)

          Дапамажы нам, Пане, павярнуць нашае жыццё да Цябе.

ДЗЕНЬ ДРУГІ – пятніца, 19 студзеня 2024 г.:

          Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе». (Лк 10, 27).

          Дапамажы нам, Пане, ўсім сэрцам любіць Цябе, бліжняга і саміх сябе.

ТРЭЦІ ДЗЕНЬ – субота, 20 студзеня 2024 г.:

          «А хто мой бліжні?» (Лукі 10,29)

          Пане, адчыні нашыя сэрцы для тых, каго мы не заўважаем.

ЧАЦВЁРТЫ ДЗЕНЬ – нядзеля, 21 студзеня 2024 г.:

          Ён убачыўшы яго і прайшоў міма (пар. Лк 10, 31)

          Пане, учыні, каб мы ніколі не адварочваліся ад тых, хто ў патрэбе

ДЗЕНЬ ПЯТЫ – панядзелак, 22 студзеня 2024 г.:

          Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. (Лк 10, 34).

          Пане, дапамажы нам прынесці надзею параненым

ДЗЕНЬ ШОСТЫ – аўторак, 23 студзеня 2024 г.:

          І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. (Лк 10, 34).

          Пане, няхай нашыя касцёлы будуць гасціннымі дамамі аздараўлення

ДЗЕНЬ СЁМЫ – серада, 24 студзеня 2024 г.:

          Езус сказаў: «Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» (Лк 10:36).

          Пане, навучы нас быць бліжнімі

ДЗЕНЬ ВОСЬМЫ – чацвер, 25 студзеня 2024 г.:

          Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі так» (Лк 10, 37).

          Пане, зрабі нас міласэрнымі сведкамі Твайго Валадарства

          Матэрыялы на сёлетні Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў былі падрыхтаваныя Экуменічнай супольнсцю з Буркіна Фасо і зацверджаныя адмысловым Міжнародным камітэтам Камісіі веры і публічнага парадку Сусветнай рады Цэркваў і Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству.

          Запрашаем хрысціян розных канфесій і ўсіх людзей добрай волі на малітоўную сустрэчу.