Skip to main content

“Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы” – 2023

18 кастрычніка ў 18.00

18 кастрычніка ў 18.00 распачнецца малітоўная акцыя “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы” ў Беларусі. 

Ужо чацвёрты год Дабрачынная Мiсiя Добрага Самаранiна пад апекай Святой Уршулi Ледухоўскай арганізуе малітоўнае чуванне​ з удзелам нашых дзетак. Сёлета мы зноў хочам аб’яднаць дзяцей з Беларусі і супольна далучыцца да сусветнага дня малітвы аб міры і еднасці ва ўсім свеце. Шчырая дзіцячая малітва, якая праслаўляе Бога, самая чыстая. Такі зварот неадкладна будзе пачуты Госпадам, бо ён будзе ісці ад самага сэрца. 

Запрашаем дзетак і бацькоў прыходзіць у Хрысціянскі Сацыяльны Цэнтр (вул. Серафімовіча, 19, г. Мінск). Кожны ахвотны можа далучыцца да анлайн-малітвы (спасылка будзе на сайце ў дзень трансляцыі).

Узгадайце, як адбывалася акцыя “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы” ў 20202021  і 2022  гадах.

Пра ініцыятыву

Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы – сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. ​Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі – паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да сэрца Бога і такім чынам змяняць свет. Таму ўявіце, якой моцнай будзе ружанцовая малітва, у якой дзеці будуць разам прасіць аб супакоі і згодзе ў іх сем’ях, народзе і ва ўсім свеце!

Чаму 18 кастрычніка?

Традыцыйна, кастрычнік з’яўляецца месяцам Ружанца. Акрамя гэтага, 18 кастрычніка – Дзень святога Лукі Евангеліста, які распавёў нам гісторыю дзяцінства Езуса і, паводле традыцыі, лічыцца асобай, блізкай Маці Божай.

Значэнне Ружанца

Як пісаў Папа Ян Павел ІІ у лісце “Rosarium Virginis Mariae”, “адкрыццё Ружанца азначае паглыбленне ў кантэмляцыю таямніцы Таго, хто «ёсць нашым спакоем», бо «абедзве часткі чалавецтва ўчыніў адзінствам, разбурыўшы мур, што стаіць пасярэдзіне, знішчыўшы варожасць» (Эф 2, 14). <…> Ружанец, кіруючы наш позірк на Хрыста, учыняе нас таксама будаўнікамі спакою ў свеце. Маючы характар пастаяннага, супольнага малення, згодна з Хрыстовым наказам, каб “маліцца заўсёды і не апускаць рук” (Лк 18, 1), Ружанец дазваляе мець надзею, што таксама сёння можна перамагчы ў такой цяжкай “барацьбе”, якая вядзецца за мір.”

Як маліцца на ружанцы

Дзеці нашмат больш адкрытыя на ружанцовую малітву, чым шмат хто з дарослых. Калі ружанец адмаўляць правільна і пад адпаведным кіраўніцтвам, нашыя адносіны з Марыяй будуць паглыбляцца – яны стануць тым больш блізкімі, чым даўжэй будзем маліцца. Менавіта такім глыбокім адносінам з Маці Божай мы можам навучыцца ад дзяцей!

  • Знак Святога Крыжа. Апостальскі сімвал веры 1 раз
  • Малітва Панская 1 раз
  • Анёльскае прывітанне 3 разы
  • Праслаўленне Найсвяцейшай Тройцы 1 раз
  • Назваць таямніцу Ружанца
  • Малітва Панская 1 раз
  • Анёльскае прывітанне 10 разоў
  • Праслаўленне Найсвяцейшай Тройцы. “О Марыя,…”. Малітва Фацімская 1 раз
  • Назваць наступную таямніцу Ружанца
  • Малітва Панская 1 раз
  • Анёльскае прывітанне 10 разоў

Знак Святога Крыжа

У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Апостальскі сімвал веры

Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых, узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых.

Веру ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела, жыццё вечнае. Амэн.

Малітва Панская

Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi.

Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.

Анёльскае прывітанне

Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус.

Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн.

Праслаўленне Найсвяцейшай Тройцы

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.

О Марыя,…

О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае!

Малітва Фацімская

О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.